Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Атрымаўшы запрашэнне, раніцай 08 лістапада наш калектыў «Натхненне» адправіўся ў працяглае падарожжа, каб павіншаваць ансамбль “Паўлінка” з горада Ліепая з 25 –годдзем.

Мае быць нялёгкі шлях з аднаго канца Латвіі ў іншы. Паездцы спадарожнічала добрае восеньскае надвор'е і шлях, амаль у 500 км, мы пераадолелі хутка.

Калектыў старанна і адказна рыхтаваў для юбіляраў цікавае музычнае віншаванне. У дарозе рэпеціравалі свой рэпертуар, як той казаў «час дарма не гублялі».

Сустракалі нас вельмі ветліва і хлебасольна. Зала была перапоўнена слухачамі і прыхільнікамі ансамбля “Паўлінка”. Артысты самадзейнага калектыву пад кіраўніцтвам Жанны Буйніцкай парадавалі гледачоў лепшымі нумарамі са свайго рэпертуару.

Ансамбль неаднаразова браў удзел ва Уселатвійскім свяце песні і танца, Свята нацыянальных меншасцей Латвіі, а таксама ў многіх міжнародных фестывалях у Латвіі і за мяжой.

Прагучалі словы віншавання ад старшыні Саюза беларусаў Латвіі Алены Лазаравай.  На свяце выступіў ансамбль “Надзея” (беларускае таварыства “Прамень, г. Рыга”).

Гледачы прымалі цёпла і сардэчна наш калектыў "Натхненне", які выканаў тры песні. Адна з іх гучала акапелла і яна вельмі спадабалася гледачам. Яны пляскалі, не шкадуючы далонек, крычалі: "Брава"!

Віншаванні зацягнуліся на тры гадзіны, ахвочых павіншаваць гэты цудоўны калектыў было шмат. Кожнаму кіраўніку калектыва быў урачыста ўручаны ліепайскі смачны каравай.

Падчас такіх прыемных сустрэч завязваюцца новыя знаёмствы і партнёрствы. Вось і ў нас з'явіліся новыя сябры - калектыў з Літвы.

У гасцях было добра, але падышоў час растання, і нам неабходна было вяртацца дадому.

Мы запрасілі калектыў ансамбля “Паўлінка” на наш II Латгальскі фестываль традыцыйнай культуры “На лукавіне Даўгавы”.            

 Лілія Воранава

Старшыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым»