Другі год праўленне таварыства "Уздым" ажыццяўляе рэалізацыю праекта "На лукавіне Даўгавы". Штомесяц праходзілі творчыя сустрэчы. Скончыўся праект вялікім фестывалем 15 лістапада ў Палацы культуры.
Калі пачалі рыхтавацца да фестывалю, мы зразумелі, што не жадаем стандартных рашэнняў. Напярэдадні дзяржаўнага свята Дня Незалежнасці Латвіі, было прынята рашэнне падчас мерапрыемства расказаць аб нашых талентах – паэтах, мастаках, выканаўцах, майстрах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтыя людзі, не лічачыся з асабістым часам, укладваюць шмат сіл для ўслаўлення горада і нашай краіны. Апяваюць у вершах, песнях, мастацтве прыгажосць краю. А фестываль можа расказаць пра іх дасягненні.
У рамках праекта, рыхтуючыся да фестывалю, мы набылі банэр, аформілі некалькі выставак. На гэтым фестывалі былі адкрыты новыя імёны творчых людзей нашага таварыства: разьбяра па дрэве Віктара Бучэля, майстрыхі і кіраўніка кутка рамёстваў "Зробім разам" Леангіны Муйжніцэ, рукадзельніц Дануты Абрамовіч, Дзіяны Індрэле і Тамары Дарафеевай. Раней работы гэтых майстроў былі прадэманстраваны на выставах падчас вялікага канцэрта, які праходзіў у Рызе ў рамках Дня беларускай культуры. Быў падрыхтаваны і выдадзены буклет, у якім сабраны матэрыял аб нашым таварыстве і тых людзях, пра якіх мы расказвалі на працягу года.
Мы старанна прапрацоўвалі ўсе матэрыялы. Зрабілі падрабязную інструкцыю для кожнага ўдзельніка фестывалю. Падрыхтавалі дыпломы і сувеніры ўдзельнікам. Увесь час над нашым фестывалем працавала каля 10 чалавек. Гэта наш касцяк - альтруісты, якія бескарысліва дапамагаюць, ставячы дабрабыту іншых вышэй уласных інтарэсаў, не чакаючы нічога ўзамен. Яны займаліся ўсім, ад першых ідэй да фінальнай рэалізацыі. А бліжэй да даты да іх далучыліся яшчэ 20 - 25 чалавек - гэта наша правераная каманда, з якой нам вельмі пашанцавала, бо яны рэальна прасякнуліся ідэяй фестывалю. Яны ставяцца да яго, як да нечага свайго, а не проста як да чарговага канцэрту. А гэта робіць настрой фестывалю асаблівым. Немалаважны момант: мы абавязкова даем магчымасць выступіць новым артыстам нашага таварыства, адкрыць для слухачоў імёны паэтаў і творчых людзей.
Гэтым фестывалем, мы беларусы, якія жывуць у Латвіі, хочам паказаць, што шануем традыцыі нашай дзяржавы і любім нашу Латвію. З кожным годам фестываль набірае моц, становіцца больш маштабным і выходзіць на новы ўзровень.
На фестывалі гучаць песні і вершы на латышскай, латгальскай, беларускай і рускай мовах. Абавязковай умовай фестывалю для спевакоў з'яўляецца выкананне адной песні на латышскай ці латгальскай мовах, а для паэтаў - верш пра Латвію (вітаецца вывкананне на латышскай мове). Нам вельмі важна, каб кожны ўдзельнік падтрымліваў каштоўнасці фестывалю, падзяляў наш падыход, разумеў стыль мерапрыемства.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел госці з г.Рыгі - ансамбль "Вытокі", з Екабпілса - ансамбль "Завіруха" (беларускае таварыства "Спатканне"), дуэт з г. Ілукстэ "Medusrausis", вакальны калектыў таварыства "Уздым" - "Натхненне". Свае вершы прысвяцілі Латвіі і Латгаліі Павел Плотнікаў, Станіслаў Валодзька, Лілія Воранава, Таццяна Аляксеева, Тамара Дарафеева. Выкананнем песень радавала Жанна Слядзеўская.
Мы адкрыты для супрацоўніцтва. Запрашаем да нас у таварыства паэтаў, музыкаў і рукадзельніц і проста тых, хто адкрыты да рэалізацыі новых ідэй.
Лілія Воранава
старшыня беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым»
https://www.uzdim.lv/be/home/news/316-ii-latgalskij-festival-na-lukavine-daugavy#sigProIdef696aa97e
