Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

   6 ліпеня каля Дома-музея Райніса ў Беркенелі члены культурна-асветніцкага таварыства "Уздым" у чарговы раз сабраліся разам, каб адзначыць свята Купалля і 32-годдзе таварыства.

   Гасцямі на свяце былі нашы даўнія сябры: ансамбль "Завіруха" з Екабпілса, ансамбль "Раздолле" з г. Ліваны і салістка Жанна Слядзеўская з Малты.

   Спачатку ўсе прысутныя здзейснілі старадаўні абрад ачышчэння вадой, прайшоўшы праз зялёныя вароты, а затым - абрад кумавання: гаспадары свята і госці абдымкамі віталі адзін аднаго.

   Затым загучалі беларускія народныя і аўтарскія песні, у тым ліку на словы ўдзельнікаў свята, і віншаванні, якія чаргаваліся з чытаннем вершаў, прысвечаных Купаллю, Ліліяй Воранавай, Тамарай Дарафеевай і Станіславам Валодзька.

  Песні гучалі ў выкананні ансамбляў "Натхненне" таварыства "Уздым", "Завіруха" і "Раздолле", дуэта "Сябровачкі" Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай, салістаў Рыгора Старавойтава, Жанны Слядзеўскай і Аляксандра Усцінава. Прысутныя з задавальненнем падпявалі ўсім артыстам.

   Вядучая Валянціна Ліпінская падрыхтавала цікавы сцэнарый. Былі тут і прыгажуня Купалінка, і Траўніца з гаючымі купальскімі травамі, і Русалка з вядзьмарскімі і прываротнымі танцамі, і Баба Яга, якая спрабавала сапсаваць свята. Адказвалі на пытанні віктарыны на тэму «Купаля» і шукалі папараць-кветку.

   А ў завяршэнне свята твары ўсіх азарыла купальскае вогнішча, каля якога закруціўся карагод. Жанчыны, зняўшы з галавы вяночкі, пускалі іх на ваду сажалкі, дзе квітнеюць лілеі. Нехта і праз вогнішча адважыўся скокнуць, здзейсніўшы гэтым абрад ачышчэння агнём.

   Вырашылі і на наступны год на “Купаллі” сабрацца ў гэтым месцы, асвечаным імем народнага паэта Латвіі Яна Райніса, які ў свой час вельмі дапамагаў тутэйшым беларусам.

Станіслаў Валодзька

член беларускага таварыства «Уздым»

 

Фота Дыяны Індрэле

член беларускага таварыства «Уздым»