Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

   Да свята 30 – годдзя настаўнікі і дзеці падрыхтавалі канцэрт “Школа – мой мір”, вядучымі якога былі – Кірыл Арзяеў і Кацярына Кузьміч, Данііл Арзяеў і Ксенія Валодзька, Людміла Сінякова.Чыталі вершы і спявалі песні на беларускай мове.

   Удзел у свяце прынялі ўдзельнікі тэатральнага гурта “Чароўны куфэрак” таварыства “Уздым”. Мікола і Вольга Паўловічы разам з дзецьмі ўдзельнічалі ў театралізаванай пастаноўцы  “Саўка ды Грышка ладзілі дуду”, Віктар Бучэль сыграў ролю Янкі - навукоўца, а гісторыі і вершы Таццяны Аляксеевай павесялілі прысутных.

   Цікава было назіраць за рэакцыяй дзяцей, калі яны бачылі сябе на фотаздымках у святочнай фотапрэзентацыі. Там былі здымкі з 1995 года і па сённяшні час. Асобная старонка фотапрызентацыі была адведзена настаўнікам школы. Цёплыя словы ад Вольгі Паўловіч гучалі ў адрас Таццяны Бучэль, якая шмат гадоў працавала ў школе.

   На свяце была арганізавана выстава матэрыялаў, якія сведчаць аб дзейнасці таварыства і школы з моманту іх заснаваня.

   Павіншавала настаўнікаў і вучняў са святам старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава, яна зачытала  віншавальны ліст ад старшыні Саюза беларусаў Латвіі Алены Лазаравай. Словы ўдзячнасці за працу гучалі ў адрас настаўнікаў ад паэта Станіслава Валодзькі, консула Генеральнага консульства РБ Аляксея Казюка, ад выпускнікоў нашай школы - Алены Бучэль, Сафіі Блізнаковай.

   Дзеці і настаўнікі атрымалі падарункі ад праўлення таварыства.  Самыя актыўныя  вучні школы: Ксенія Валодзька, Кацярына Кузьміч, Кірыл і Данііл Арзяевы былі адзначаны падзякамі, якія ўручыла куратар школы Людміла Сінякова.

   Падчас свята дзеці “знайшлі” той самы, “цудоўны ключ”, якім 30 гадоў таму назад была адчынена школа.

   Магчымасць даць апошні званок у гэтым навучальным годдзе была прадастаўлена бацькам.

   Жыві наша “Вясёлка”! Ззяй рознымі фарбамі! Сустракай новых вучняў!

     

Людміла Сінякова

куратар беларускай школы “Вясёлка”

намеснік старшыні таварыства “Уздым”