“Хлеб-соль “
На ручніках, расшытых пеўнямі,
хлеб-соль падносім да гасцей,
вядзем за стол, каўшамі пеннымі
частуем брагай пагусцей.
I не хаваем - дзе падзенешся? -
сваіх пачэсных мазалёў.
А трэба — крошкаю падзелішся:
лепш сто сяброў, чым сто рублёў.
Сцяпан Гаўрусёў
27 красавіка пачаліся дні беларускай культуры, якія штогод ладзіць беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”. Дні адкрыла свята беларускай нацыянальнай кухні “І ў клёцак ёсць душа”. Назву свята мы падглядзелі ў нашых сяброў з Беларусі.Беларуская кухня часта ўспрымаецца гасцямі, як стравы з бульбы з бульбай і пад бульбяным соўсам. Але нацыянальныя стравы разнастайныя і каларытныя. Беларуская кухня мае даўнюю гісторыю. Кулінарныя прыхільнасці беларусаў захоўваюць і сёння нацыянальную самабытнасць. Гаспадыні ўжываюць бабуліны рэцэпты.
Беларуская кухня – гэта спадчына, якую пакінулі нашы продкі, частка матэрыяльнай культуры. Яна складалася на працягу шматлікіх вякоў і мае сваю гісторыю, традыцыі, асаблівасці, прыкметы, нормы, правілы і ўнікальнасць. Гэта неабходна захаваць, зберагчы і данесці да будучага пакалення. Таму і свята беларускай кухні стала традыцыйным мерапрыемствам, якое штогод ладзіць таварыства “Уздым”.Шаноўнымі гасцямі мерапрыемства былі віцэ-мэр г. Даўгаўпілса А. Васільеў, Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе І. Лапуць. З прывітальным словам выступіла старшыня беларускага таварыства “Уздым” Лілія Воранава. З нагоды свята нас віншаваў прадстаўнік яўрэйскай абшчыны Міхаіл Курыцкій. Намеснік старшыні таварыства Людміла Сінякова пазнаёміла гасцей з працай па падрыхтоўцы новага друкаванага выдання аб дзейнасці арганізацыі.
Галоўнай гаспадыняй свята беларускай кухні ўжо шмат гадоў з’яўляецца Вольга Паўловіч. Вольга – адна з заснавальнікаў таварыства “Уздым”, арганізатар і настаўніца беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”, шмат гадоў займае пасаду члена праўлення таварыства.
Дзякуючы намаганням нашых гаспадынь: Леангіны Муйжніецэ, Зінаіды Сіліня, Ліліі Воранавай, Таццяны Рудэнка, Рэгіны Высоцкай, святочны стол быў багата накрыты.
Тут былі розныя прысмакі: стравы з бульбы, мяса, агародніны, розныя бліны, пірагі, булачкі і пячэнне, салёныя агурочкі і грыбы, квашаная рознымі спосабамі капуста. Госці частаваліся дранікамі, клёцкамі, панцаковай кашай, бульбяной бабкай. А пра клёцкі шмат было размовы! На сярэдзіне стала красаваўся велікодны куліч, таму што свята праходзіла напрыканцы Вялікдня.
Вельмі цікавую бяседу пра стравы вела Вольга Паўловіч. Успомнілі пра калядныя і велікодныя стравы, вялася размова пра ежу падчас пастоў. Кожны расказаў пра сваю самую любімую страву з дзяцінства. Жанчыны дзяліліся рацэптамі. Адгадвалі загадкі, жартавалі, спявалі разам песні, танцавалі. Слухалі песні ў выкананні Рыгора Старавойтава, Жанны Слядзеўскай, трыа з г. Ліваны – Алены і Аляксандра Усцінавых, Анастасіі Кізэрнэ, Зінаіды Сіліні. Свае вершы чыталі Станіслаў Валодзька і Тамара Дарафеева.
На вядучага мерапрыемства ўскладаецца вялікая адказнасць, бо менавіта ён павінен данесці да гасцей усю значную інфармацыю і дабіцца выканання пастаўленых задач на мерапрыемстве. З гэтым добра справілася вядучая нашага мерапрыемства Валянціна Ліпінская. Яна праводзіла актыўныя забаўляльныя гульні, даглядала гасцей, каардынавала музычнае суправаджэнне.
https://www.uzdim.lv/be/home/news/276-i-kljotsak-josts-dusha#sigProId035adc3d03
Людміла Сінякова
намеснік старшыні таварыства “Уздым”