Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Пры беларускім культурна-асветніцкім таварыстве “Уздым” арганізаваны куток гісторыі і артыфактаў Даўгаўпілса і Латгаліі. Кіруе гэтым кутком гісторык і краявед Мікола Паўловіч.

Мэта – знаёміць з вядомамі беларускімі мясцінамі, з беларусамі, якія ўнеслі свой значны ўклад у развіццё горада і Латгаліі.

Першая экскурсія сабрала прыхільнікаў гісторыі на тэрыторыі гарадской крэпасці. Вельмі цікава распавядаў Мікола пра сваіх суайчыннікаў, лёс якіх быў звязаны з крэпасцю.Такіх людзей нямала.

Станіслаў Шадурскі – прафесар філасофіі 18 стагоддзя. Дзейнасць яго была звязана з ізуітамі.

У крэпасным касцёле няслі службу святары-беларусы – Язэп Гайлевіч, Лаўрыновіч, Барадуля, якія пазней былі рэпрэсіраваны за сваю дзейнасць уладамі.

У крэпасці жыла сям’я Кастуся Езавітава. Ён далучыўся да арганізацыі беларускага руху ў Дзьвінску. Рэдагаваў газету “Голас беларуса”, часопіс “Беларуская школа ў Латвіі”. Нейкі час меў сваё выдавецтва, дзе друкаваў падручнікі і кнігі на беларускай мове.

З крэпасцю звязана адыёзная фігура, як Булак – Балаховіч. Ён адмеціўся смелымі рэйдамі ў тылах нямецкай арміі, быў адзначаны ўсімі ваеннымі ўзнагародамі Расійскай імперыі. Чатыры разы быў ранены, лячыўся ў шпіталі крэпасці. У грамадзянскую вайну арганізаваў сваю армію ў колькасці 20 тысяч чалавек. Быў арганізатарам ваенных сіл Эстоніі.

У 1830 годзе была адчынена школа падхарунжых. Царскія ўлады планавалі з мясцовай шляхты выхаваць лаяльных дзяржаве афіцэраў. Больш за 300 чалавек моладзі атрымоўвалі ваенную адукацыю.

З пачаткам паўстання 1831 года навучэнцы прынялі рашэння выступіць супраць улады і ў сувязі з гэтым школу зачынілі, нязгодных рэпрэсавалі.

Сярод іх вядома імя Аляксандра Рыпінскага. Ён першы выдаў за мяжой апісанне Дзінабургскай крэпасці. А.Рыпінскі сябраваў з камендантам крэпасці Вільгельмам Кюхельбекерам, Міцкевічам, Плятарамі. Рыпінскі за мяжой выдаў зборнік на беларускай і польскай мовах, дзе ўпершыню пачаў ужываць літару Ў. У старажытным Полацку, што ў Беларусі, пастаўлен помнік літары Ў.

Падчас экскурсіі наведалі прыватны музей у будынку былой курсантскай пошты. Тут размешчаны экспазіцыі Першай сусветнай вайны, пошты, вялікая калекцыя цацак савецкага часу, тэхнікі, прасаў. Па музею цікавую экскурсію правёў Алег Вінаградаў.

Наведавальнікі не толькі слухалі і знаёміліся з экспанатамі, але мелі магчымасць патрымаць у сваіх руках цікавыя рэчы. Час прайшоў хутка. Усе атрымалі задавальненне ад экскурсіі. Прысутныя выказалі пажаданне і надалей праводзіць цікавыя сустрэчы з мінулым.

 

Вольга Паўловіч

член праўлення таварыства “Уздым”