Вось ужо 7 гадоў у Латвіі даследуецца нематэрыяльная культурная спадчына, і сёлета ў яе пералік уключылі яшчэ дзве культурныя каштоўнасці: "Выраб рыбацкіх сетак у заходняй частцы Рыжскага заліва" і "Выраб латышскіх паясоў". Ёсць шмат агульнага ў традыцыях латышскага і беларускага народа. Напрыклад, у нацыянальных касцюмах выкарыстоўваюцца паясы. Адрознівацца яны могуць толькі ўзорамі, якія ствараюць майстрыхі. Напэўна таму і з’явілася ідэя паспрабаваць зрабіць свае паясы.
Спадарыня кутка рамёстваў “Зробім разам” Леангіна Мужніецэ запрасіла на чарговую сустрэчу 22 студзеня 2025 года. Нагадваем жадаючым і тым, каму цікава заняцца творчасццю, заняткі праходзяць 1 раз у месяц у памяшканні таварыства “Уздым” (Смілшу 92, 206 каб Палаца культуры).
Пляценне, ткацтва паясоў гэта вельмі працаемкая і клапатлівая праца.Тут патрэбна кемлівасць, спрытнасць і ўменне. Гэтую працу немагчыма рабіць механічна, таму што кожны рад - гэта ўзор, табе трэба думаць і ўвесь час захоўваць бадзёрасць розуму, каб усе ўзоры былі такімі, як задумана. Сплесці пояс можа кожны - галоўнае мець жаданне. Займацца гэтай дзіўнай справай у кампаніі прыемней.
Майстрыхі спрабавалі плясці самыя простыя ўзоры на паясах. Спачатку падрыхтоўвалі пражу па колеру і дліне паясоў, а потым кіраўніца кутка рамёстваў Леангіна Мужніецэ пазнаеміла ўсіх з некалькімі спосабамі пляцення на пальцах і на дошчаццы. Усе прысутныя былі зачараваны гэтым вельмі цікавым пляценнем.
Спадарыні дамовіліся ў наступны раз прадоўжыць плясці паясы і падараваць іх удзельнікам гурта " Натхненне".