Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

У апошні дзень адыходзячага лета ў вялікай зале Крустпілскага культурнага цэнтра ў рамках конкурсу праектаў недзяржаўных арганізацый Екабпілскага краявога самакіравання адбыўся фестываль народнай творчасці «Бульба–VII», арганізаваны Екабпілскім беларускім таварыствам «Спатканне». Таварыства “Уздым” (г. Даўгаўпілс) з’яўляецца партнерам у гэтым праекце.
Мерапрыемства праводзіцца з мэтай развіцця і папулярызацыі супрацоўніцтва культурных таварыстваў, захавання традыцый і ідэнтычнасці свайго народа. Гэты фестываль, калісьці створаны кіраўніком таварыства "Спатканне" Валянцінай Дарашчонак, стаў візітнай карткай беларусаў Екабпілса.
На сцэне фестывалю змянялі адзін аднаго творчыя калектывы культурных таварыстваў Екабпілса, радавалі песнямі госці з Ліван і Айзкраўкле, Рыгі і Даўгаўпілса. Гучалі песні на латышскай, украінскай, беларускай і рускай мовах. Вельмі прыгожыя нацыянальныя касцюмы артыстаў уносілі асаблівы настрой у свята.
Гледачоў знаёмілі з традыцыямі прыгатавання страў з бульбы. Але самымі смачнымі былі і застаюцца дранікі. Густ гэтых бліноў памятаецца з дзяцінства. Кожная гаспадыня ўносіць сваю разыначку ў іх падрыхтоўку. Мусіць, таму і песня «Дранікі» ім прысвечана – вершы Станіслава Валадзько, музыка Таццяны Піменавай. А ў выкананні беларускага ансамбля "Завіруха" (г. Екабпілс) прагучала песня "Ода бульбе" на верш С.Валадзько.
Як заўсёды цікавым было выступленне госця з г. Вісагінас (Літва) Сяргея Шабадалава. Знаёмая кожнаму беларусу песня "Касіў Ясь канюшыну" ў выкананні артыста прагучала ў розных жанрах: як цыганскі раманс, як запальная грузінская песня "Лезгінка", як народная песня ў выкананні кубанскіх казакоў.
Упершыню на сцэне Крустпілскага культурнага цэнтра выступілі творчыя калектывы беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (г. Даўгаўпілс): ансамбль беларускай песні “Натхненне” і тэатральны гурт “Чароўны куфэрак”.  Калектыў "Натхненне" ўжо браў удзел у розных мерапрыемствах, святах і фестывалях, нягледзячы на ​​тое, што існуе толькі адзін год.
А вось для тэатральнага гурта «Чароўны куфэрак» гэты выступ быў прэм'ерай. Зала добра прыняла мініяцюру аб жыцці дзвюх жанчын. Напэўна, 31 жніўня будзе зараз днём нараджэння новай творчай групы.
Фестываль па традыцыі завяршыўся дэгустацыяй страў з беларускай кухні. Госці выказвалі пажаданні сустрэцца зноў, на восьмым фестывалі народнай творчасці "Бульба".





Матэрыял падрыхтавала:

Людміла Сінякова
намеснік старшыні
Беларускага культурна-асветніцкага
таварыства “Уздым”