Песня робко и доверчиво
Удивленно вскинет бровь.
Радость утра, мудрость вечера,
Запах леса, ширь лугов…
14 снежня ў памяшканні Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, што ў Палацы культуры, адбылася творчая вечарына спявачкі і сябра таварыства Жанны Слядзеўскай. Жанна жыве ў г. Малта, але падтрымлівае дзейнасць беларускай арганізацыі Даўгаўпілса. Гэта сустрэча працягвае цыкл мерапрыемстваў у рамках праекта “На лукавіне Даўгавы”.
Па добрай традыцыі, якая склалася ў нас, кожная вечарына пачынаецца з запальвання свечкі. Агонь – гэта сімвал святла, хатняй утульнасці, дабрабыту і гасціннасці. На агеньчык, які запаліла Жанна, сабраліся аматары яе творчасці.
Старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава прадставіла гасцям ужо добра знаёмую спявачку. Яе біяграфічныя звесткі змешчаны ў нядаўна выдадзеным буклеце, які прысвечаны вышэйназванаму праекту.
На вечарыне ў выкананні Жанны Слядзеўскай гучалі песні на беларускай, рускай, латышскай і французскай мовах. Сярод іх - шэраг песень сяброў “Уздыма” Ліліі Воранавай, Яніны Юзэфовіч і Станіслава Валодзькі. Тры песні спявачка выканала дуэтам з даугаўпілскім салістам, сябрам “Уздыма”, Аляксандрам Лапам. Дуэт узнік тут, падчас гэтага мерапрыемства. Песні, у выкананні дуэта, былі цікавым сюрпрызам і шчодрым падарункам для слухачоў.
Нямала цёплых слоў у адрас таленавітай госці прагучала ад вядучай імпрэзы Валянціны Ліпінскай і ўсіх, хто вітаў Жанну з кветкамі і падарункамі.
Хутка прабег час у атмасферы радасці, вясёласці і святочнага настрою. Усе разам адгадвалі музычныя загадкі, слухалі жарты і экспромты.
Мерапрыемствы, якія адбыліся за 2024 год у рамках праекта “На лукавіне Даўгавы”, мелі добрыя водгукі. Таму ён будзе мець працяг і ў наступным годзе. Ёсць яшчэ шмат таленавітых людзей у складзе таварыства, якім трэба даць магчымасць расказаць пра сябе і праявіць свой талент.
https://www.uzdim.lv/be/home/news/260-muzyka-majgo-zhytstsya#sigProIdcb4261e23e
Валянціна Ліпінская
вядучая мерапрыемства