Напярэдадні свята Дня абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі беларускае культурна-аветніцкае таварыства «Уздым» ладзіла музычна-паэтычнае мерапрыемства «На лукавіне Даўгавы» для жыхароў горада.
Да гэтага свята наша таварыства рыхтавалася асабліва. Быў падрыхтаваны вялікі праект у Фонд грамадскіх недзяржаўных арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы і ён атрымаў фінансавую падтрымку.
Сярод членаў таварыства шмат творчых і таленавітых людзей. Гэта паэты, музыканты, выканаўцы, аўтары кніг. У рамках праекту цэлы год штомесяц праводзіліся музычна - паэтычныя сустрэчы. Удзельнікамі гэтых сутрэч з’яўляліся сябры таварыства, якія пішуць і друкуюць свае вершы, спяваюць у вакальных калектывах таварыства «Уздым» і Цэнтра беларускай культуры.
Святочнае мерапрыемства адбылося ў Палацы культуры. Ва ўрачыстай абстаноўцы перад прысутнымі выступіў першы намеснік старшыні Даўгаўпілскай гарадской думы Аляксей Віктаравіч Васільеў. Ён пажадаў усім святочнага настрою, дабрабыту, міру і здзяйснення мараў.
Права адкрыць святочнае мерапрыемства і павіншаваць удзельнікаў з Днём Незалежнасці, вядучыя Лілія Воранава і Данута Абрамовіча, прадаставілі вядомаму паэту, аднаму з заснавальнікаў таварыства «Уздым» Станіславу Валодзька, які прачытаў свае вершы.
Вялікае святочнае мерапрыемства заканчвала гадавы марафон сустрэч і прысвечана паэтам, музыкам і выканаўцам, якія з’яўляюцца сябрамі нашага таварыства.
Паэзія і музыка могуць закрануць самыя тонкія струны чалавечай душы. Ёсць паэты музыкі і ёсць кампазітары мовы. Вершы могуць стаць песняй. Гэта мара многіх паэтаў, нават вялікіх. Некалі паэтаў называлі спевакамі.
Музыка можа стаць партрэтам верша, ці проста яго суправаджаць, а верш можа растварыцца ў музыцы. І ўсё ж, ёсць адно вельмі важнае адрозненне музыкі ад паэзіі. Музыка любога характару, асабліва так званая сур'ёзная музыка, заўсёды інтэрнацыянальная і ўспрымаецца ў першародным выглядзе (вядома, у інтэрпрэтацыі выканаўцы).
Шмат вершаў перакладаюць з мовы арыгінала. А гэта ўжо заўсёды скажэнне арыгінала. Удалы пераклад - гэта новы твор мастацтва.
Вось і на нашым свяце гучалі песні на словы нашых паэтаў і іх пераклады іншых аўтараў. Са сваімі вершамі выступілі паэты Лілія Воранава, Павел Плотнікаў, Таццяна Аляксеева, а Таццяна Піменава спявала песні на свае словы і музыку.
Артур Трэпша, Аляксандр Лапа, дуэты з Ліван - Лідзія Знотыня і Яўген Пашкевіч, Алена Усцінава і Анастасія Кізірнэ, дуэт Алены Віткевіч і Валерыя Ярмачэнка выконвалі песні на словы Станіслава Валодзькі. Жанна Слядзеўская і гурт «Натхненне» спявалі песні, пераклады да якіх на беларускую мову зрабілі Станіслаў Валодзька і Лілія Воранава.
Дуэт Регіна Родзікава і Таццяна Багданава выконвалі песні на словы і музыку Людмілы Вілюмы, якой ў гэтым годзе споўнілася 96 гадоў. Людміла не змагла прысутнічаць на свяце, але яна перадала свае віншаванні.
Кожны ўдзельнік музычна-паэтычнага мерапрыемства атрымаў падзяку за ўдзел і буклет «На лукавіне Даўгавы», прысвечаны тым сустрэчам, якія праходзілі ў таварыстве на працягу году. У выданні мы згадваем з удзячнасццю тых, каго няма ўжо сярод нас. Ушаноўваем іх творчасць.
Хутка ўжо адбудзецца і прэзентацыя гэтага буклета.
У заканчэнні вядучыя пажадалі ўсім свету і шчасця! Дабра і дабрабыту, каб наша зямля стала яшчэ больш прыгажэйшай і багацейшай! Здароў’я і радасці усім.
З Днём абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі! Са святам, родная Латвія!
https://www.uzdim.lv/be/home/news/255-svyatochnae-merapryemstva-na-lukavine-da-gavy#sigProIdd549ef7f20
Матэрыял падрыхтавала
Лілія Воранава
старшыня таварыства “Уздым”
16 лістапада 2024 года