Надыйшло чарговае свята - Дзень настаўніка. Па добрай традыцыі дзеці і дарослыя сабраліся на заняткі ў нашай беларускай школе “Вясёлка” пры таварыстве “Уздым”.
Гэты навучальны год мы пачалі яшчэ з адной традыцыі: 24 верасня выхаванцы школы ўдзельнічалі ў спартыўным свяце для дзяцей нацменьшасцяў „Vienotie sportā” у Рызе, якое штогод праводзіць Алімпійская акадэмія.
На свята першага званка 7 кастрычніка прыйшлі госці: бацькі, дзядулі і бабулі, старшыня таварыства “Уздым” Л.Воранава, Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе І.Лапуць.
Свята “Давайце сябраваць!” мы назвалі таксама, як і міжнародны конкурс дзіцячага малюнка, які аб’явіла школа “Вясёлка” і таварыства “Уздым” пры патрымцы Генеральнага консульства РБ.
Падчас свята была арганізавана выстава малюнкаў. У конкурсе прынялі ўдзел дзеці з Эстоніі, Італіі, Латвіі, Беларусі. Журы атрымала 69 работ, падвяло вынікі і ўрачыста ўручылі сертыфікаты, граматы, дыпломы і падарункі ад Генеральнага консульства. Рыхтуем пасылку з узнагародамі і падарункамі эстонскім дзецям. Удзельнікі з Беларусі і Італіі атрымаюць электронныя граматы.
І.Лапуць звярнуўся да дзяцей з прывітальным словам, падзякаваў за ўдзел у конкурсе. Цікава ўбачыць мір і сяброўства вачыма дзяцей.
Асабіста ўдзельнікаў спартыўнага свята ў Рызе (Ксенія В., Аляксей В., Акім В., Сафія Б., Дарына Р., Давід П.) павіншавала старшыня таварыства Л.Воранава і ўручыла падарункі. А ўсе выхаванцы таксама атрымалі падарункі на пачатак навучальнага года ад таварыства.
Першы школьны званок далі нашы новыя вучаніцы Вікторыя і Аліса. Спадзяёмся, што ім будзе цікава на нашых занятках.
Дарослыя і дзеці правялі ўручэнне “медалёў” настаўнікам. Выбіралі самага вясёлага, самага рамантычнага, самага справядлівага і строгага настаўніка. Цікава было пачуць ад дзяцей, чаму яны зрабілі такі выбар.
Вучняў і настаўнікаў віншаваў паэт С.Валодзька. Ён падарыў у школьную бібліятэку сваю новую кнігу “Чароўныя чаравічкі”, якая была надрукавана ў Мінску.
А потым усе разам пілі гарбату і частаваліся салодкімі прысмакамі, якія падрыхтавалі бацькі. Гэта таксама наша добрая традыцыя. Пілі гарбату і ўспаміналі свае добрыя справы, абмяркоўвалі планы на першы сяместр.
Людміла Сінякова,
куратар беларускай нядзельнай
школы “Вясёлка”