Штогод, у верасні праходзіць спартыўныя гульні „Vienotie sportā!” для дзяцей нацменьшасцяў пад патранажам Латвійскай Алімпійскай акадэміі.
Дзеці беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” кожны год прымаюць удзел у спаборніцтвах. 24 верасня ў нас была цікавая вандроўка ў Рыгу. З дзецьмі ездзілі настаўнікі – Вольга і Мікола Паўловічы.
Урачыстае адкрыццё свята ўражыла нас. Усе каманды заходзілі ў залу па запрашэнню вядучых. Наперадзі нашай групы шоў Давід П. і нёс шыльду з назвай “Беларуская нядзельная школа “Вясёлка” (Даўгаўпілс, таварыства “Уздым”). Дзеці былі апрануты ў футболку з лагатыпам нядзельнай беларускай школы (зараз у нас ёсць такая форма, якую мы заказалі ў рамках праекта да 25-годдзя школы).
Мерапрыемства пачалося з віншавання ад прэзідэнта акадэміі І.Клеменцьева, а потым была агульная размінка для ўсіх удзельнікаў з аніматарам. І ў добры час, дзеці!
Трэба было кожнаму прайсці столькі выпрабаванняў, колькі яму гадоў. Суддзі - студэнты акадэміі вялі ўлік у спецыяльных картках, якія былі выданы маленькім спартсменам.
У нашай камандзе – дзеці рознага ўзросту. Яны актыўна спаборнічалі ў цікавых гульнях: стральба з лука ў мішэнь, боўлінг, баскетбол, класікі. Дарэчы, у гэтым выпрабаванні Ксенія В. справілася за дзве секунды, чым здзівіла суддзяў.
Шмат было іншых цікавых заданняў. Можна было выбраць на любы густ. Давід П. адзін з першых прайшоў свой этап, даў інтэрв’ю, сфатаграфаваўся з аніматарм і атрымаў падарунак.
Нашы вучні выдатна справіліся з выпрабаваннямі ў сваіх узроставых катэгорыях і былі ўзнагароджанны.
Выказваем падзяку гарадской думе за фінансавую падтрымку ў арганізацыі паездкі, таварыству “Уздым” у асобе старшыні Л.Воранавай.
Вольга Паўловіч,
намеснік старшыні таварыства “Уздым”,
настаўніца нядзельнай школы “Вясёлка”