Лета - гэта асаблівая пара года, калі дзіўная прырода, надвор'е, вакол шчаслівыя твары людзей. Лёгкі ветрык прыносіць прыемныя ўспаміны, і ты з задавальненнем назіраеш за яркімі летнімі фарбамі.
Вось у адзін з такіх дзён прайшло паэтычнае мерапрыемства «На лукавіне Даўгавы». Яно сабрала аматараў і прыхільнікаў паэзіі аўтараў беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”.
Свае вершы пра Латгалію, пра родны край чыталі паэты Станіслаў Валодзька, Яўген Голубеў, Павел Плотнікаў, Лілія Воранава, Таццяна Аляксеева, Любоў Нікіфарава, Валянціна Пруднікава. Узгадвалі творчасць Анастасіі Сазанковай. Свае любімыя вершы гэтых аўтараў чыталі Рэгіна Родзікава, Людміла Сінякова, Валянціна Ліпінская.
Старэйшы сябра таварыства “Уздым” Яўгенія Гуляева адзначыла асаблівасці творчасці кожнага паэта і ўменне данесці да чытачоў сваю актыўную жыццёвую пазіцыю.
Рэгіна Родзікава і Таццяна Багданава выканалі песню на вершы С.Валодзькі “Ты часцей да маці стукаўся" на беларускай мове і латышскую песню "Iesim blakus". У выкананні калектыву “Спадчына” (Р.Родзікава, Л.Воранава, Т.Блізнакова, Т.Багданава, Л.Муйжніецэ) прагучала песня на вершы Л.Воранавай “Заспявай мне песню”.
На мерапрыемстве прысутнічаў віцэ-мэр г. Даўгаўпілс Аляксей Васільеў. Ён падарыў беларускай нядзельнай школе “Вясёлка”, якая працуе пры таварыстве “Уздым”, праектар. Адзначыў, што добрая тэхнічная база школы неабходна для арганізацыі навучальнага працэсу і падтрымання цікавасці выхаванцаў у вывучэнні народнай творчасці і традыцыйнай культуры. Падзякаваў “Уздыму” за ўклад у захаванне шматнацыянальнага вобразу горада.
Людміла Сінякова