Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Вольны, горкі, танны, казённы, лёгкі, надзённы, бацькоўскі, сытны, цёплы, смачны, духмяны, з густам дзяцінства. Якімі яшчэ словамі выказаць нашы адносіны да хлеба? Ёсць у беларусаў свята “Дажынкі”, яно прысвечана ўраджаю.

Але ў нашым таварыстве ў першы раз прайшло свята хлеба падчас святкавання юбілею Якуба Коласа (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), які нарадзіўся 3 лістапада 1882 года ў засценку Акінчыцы .

Гэтыя святы мы прымеркавалі да заняткаў дзяцей у беларускай нядзельнай школе “Вясёлка”, запрасілі бацькоў і сяброў таварыства. Удзельнікаў свята сустракала гаспадыня, старшыня таварыства “Уздым” Лілія Воранава караваем хлеба, які яна сама выпякла.

Вядучая свята Валянціна Ліпінская цікава расказала пра хлеб розных краін, пра ролю хлеба ў жыцці: каравай на вясельных і хроставых сталах, “луста хлеба” на вайне, цудоўная і салодкая булка – сімвал добрабыту і міру для ўсіх.

Цікавую беларускую народную казку “Лёгкі хлеб” прачытала Людміла Сінякова. Вучні атрымалі дамашняе заданне: намаляваць малюнкі па казцы да конкурсу.

Дзеці падрыхтавалі вершы пра хлеб: Павел і Кацярына Кузьміч чыталі “Прытчу пра хлеб” Максіма Танка, Ксенія Валодзька выразна прачытала верш “Хлебаробам” свайго дзядулі Станіслава Валодзькі, Акім Воранаў – верш сваей бабулі Ліліі Воранавай “Хлебаробу”.

Вітаў сваімі вершамі  паэт Станіслаў Валодзька. Віншавальныя словы прагучалі ад кіраўніцы Цэнтра беларускай культуры Жанны Раманоўскай.

Вучні разам з дарослымі прынялі ўдзел у імправізаванай пастаноўцы “У сталовай” і танцавалі разам з бацькамі вясёлы танец.

Пра цікавыя моманты жыцця Якуба Коласа вяла аповяд Лілія Воранава. Спачатку хлопчык пачаў вучыцца дома, а потым прадоўжыў у школе. Дапамагаў у вучобе маленькаму Кастусю яго дзядзька Антось. Кастусь нават атрымаў рубель ад бацькі за свой першы верш пра вясну. І яшчэ шмат жыццёвых гісторый даведаліся дзеці пра Якуба Коласа.

Самыя актыўныя ўдзельнікі, дзеці і дарослыя, атрымалі смачныя ласункі ад праўлення таварыства. А потым усе разам пілі гарбату са смачным святочным караваем.

Матэрыял падрыхтавала:

Людміла Сінякова,

куратар і настаўніца школы “Вясёлка”