16-19 верасня дэлегацыя латвійскіх беларусаў па запрашэнні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь здзейсніла захапляючую паездку на этнічную радзіму, арганізаваную Саюзам беларусаў Латвіі. У складзе дэлегацыі была група актывістаў таварыства «Уздым» з Даўгаўпілса.
2021 год у Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства, а свята Дня народнага адзінства, якое ўпершыню адзначаецца 17 верасня гэтага года, і стала нагодай для наведвання сталіцы Беларусі, дзе прайшло мноства рознапланавых цікавых мерапрыемстваў.
Паездка была вельмі насычанай, яркай і багатай на падзеі, тым больш што адбылася ўпершыню пасля працяглага «кавіднага застою». Ужо з першых часоў знаходжання на роднай зямлі актывістаў беларускай дыяспары чакала кранальная сустрэча ў Глубокім: з караваем, прывітальнай песняй «Калі ласка!», пазнавальнай экскурсіяй.
Ну, а гасцінны дынамічны Мінск задаў такі бурны тэмп, што члены нашай дэлегацыі ледзьве паспявалі пабываць на ўсіх сустрэчах і мерапрыемствах. Наведванне Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. Максіма Танка, знаёмства з традыцыйнымі народнымі рамёствамі і ўдзел в майстар-класах; экскурсія ў Храм-помнік у гонар Усіх Святых і сустрэча за “круглым сталом” па пытаннях узаемадзеяння і супрацоўніцтва; грандыёзны святочны канцэрт у комплексе “Мінск-Арэна” з эмацыйным выступленнем Аляксандра Лукашэнкі; экскурсія па начному гораду – і гэта ўсё незабыўныя падзеі толькі аднаго дня!
Потым і ў без таго напоўненую скарбонку ўражанняў шмат новых эмоцый і пачуццяў дадалі прагляд оперы “Фауст” у тэатры оперы і балета РБ, наведванне Музейнага комплексу старажытных техналогій і рамёстваў «Дудуткі»; заезд па дарозе дамоў у Мемарыяльны комплекс “Хатынь”, каб аддать даніну памяці бязвінным ахвярам Другой сусветнай вайны.
Пазнавальна-займальнае турнэ на гістарычную радзіму ў знакавы момант – Дзень народнага адзінства, стала дадатковай крыніцай пачуцця духоўнага яднання з землякамі і крыніцай натхнення, каб берагчы і захоўваць духоўную спадчыну нашых продкаў.
Марыя Памецька, член таварыства «Уздым»
