Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

У панядзелак, 26 красавіка 2021 года, у Даўгаўпілскім храме-капліцы Аляксандра Неўскага з нагоды 35-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся малебен па ахвярах тэхнагеннай катастрофы, які адслужыў настаяцель айцец Аляксандр (Юкімовіч). Памінальнае мерапрыемства прайшло пры выкананні ўсіх пандэмійных патрабаванняў і абмежаванняў.

У выніку выбуху на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года радыёактыўнаму забруджванню падвергнулася больш за 200 тысяч квадратных кіламетраў. У асноўным гэта былі тэрыторыі сучасных Украіны, Беларусі і Расіі. Па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, пасля аварыі высокай дозе радыяцыі падвергнуліся каля 600 тыс. чалавек, якія пражывалі ў радыусе 30 км. Гэта былі мясцовыя жыхары і супрацоўнікі АЭС, а таксама ўдзельнікі работ па ліквідацыі і ачыстцы.

Памінальныя набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў беларускай, рускай, украінскай дыяспар і “чарнобыльцаў” сталі традыцыйнымі: штогод у канцы красавіка ў храмах Даўгаўпілса па ініцыятыве Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) праходзіць малебен па ахвярах Чарнобыльскай АЭС. У гэты раз у ім зноў сумесна з Цэнтрамі беларускай, рускай і ўкраінскай культуры прынялі ўдзел прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе, Генконсульства Расіі ў Даўгаўпілсе і ветэранскіх грамадскіх арганізацый. У малітве ўсе ўшанавалі памяць і аддалі даніну павагі ўсім пацярпелым у Чарнобыльскай аварыі. 

Прайшло 35 гадоў з дня найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў сучаснай гісторыі чалавецтва. Яе наступствы будуць яшчэ доўга нагадваць пра сябе. Чалавеку дадзены знак задумацца аб сваім ўмяшанні ў навакольнае асяроддзе, свае першынство над прыродай. Нашчадкі абавязаны захаваць у сваіх сэрцах памяць аб той журботнай даце, каб больш не дапусціць трагічных памылак. Пра гэта казаў у пропаведзі айцец Аляксандр.

Інфармацыя падрыхтавана:

Цэнтр беларускай культуры,

Марыя Памецька, метадыст ЦБК