Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

22 красавіка 2020 года ў Даўгаўпілсе Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь, з благаславення Латвійскай праваслаўнай царквы, з дазволу гарадскіх уладаў прынялі ўдзел у Міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі” і ажыццявілі забор зямлі з тэрыторыі Мемарыяла воінам-вызваліцелям у парку Дубровіна. Жменя зямлі будзе ўрачыста змешчана ў капсулу ў крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, у якой сабрана зямля з месцаў катастроф, дзе пралілася кроў беларусаў.

У 2019 годзе беларускае таварыства “Уздым” для сваіх актывістаў арганізавала тры экскурсійныя паездкі ў Мінск. Усе групы пабывалі ў храме Усіх Святых, дзе для многіх стала сапраўдным адкрыццём наведванне крыпты. У ёй закладзены капсулы з зямлёй як сімвалы падзей і месцаў, асабліва адзначаных у гісторыі Беларусі найвышэйшым гераізмам і пакутамі народа: Грунвальд, Смаргонь, Салаўкі, Хатынь, канцлагеры і бітвы Другой сусветнай вайны, Афганістан, Чарнобыль, тэракт у Мінскім метро... Таму, калі ў “Уздыме” даведаліся аб Міжнароднай акцыі “У славу агульнай Перамогі”, якую праводзяць Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння, вырашылі ўнесці сваю лепту.

Месца забору зямлі – Мемарыял савецкім генералам і афіцэрам, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне ў баях за вызваленне Даўгаўпілса. Гэта ўнікальнае месца памяці ў парку Дубровіна, дзе безупынна гарыць Вечны агонь. У захаванні спачывае прах 7 генералаў і афіцэраў, двое з іх – ураджэнцы Беларусі.

Начальнік сувязі 4-й ударнай арміі, генерал-маёр Якаў Восіпавіч Лагадзюк (1898-1944) нарадзіўся пад Брэстам. У 1944 годзе гэтая армія першай апынулася на латвійскай тэрыторыі. Лагадзюк загінуў пры абстрэле ў пасёлку Наўенэ. Яго магіла стала першай у Дубровінскім парку, дзе пазней, у 1949 годзе, будзе адкрыты мемарыял.

Камандзір 1-га танкавага батальёна 41-й танкавай брыгады 5-га Дзвінскага танкавага корпуса 2-га Прыбалтыйскага фронту, капітан Канстанцін Іванавіч Арлоўскі (1913-1944) нарадзіўся ў г.Быхаў Магілёўскай вобласці. Камбат загінуў у баі на шашы Даўгаўпілс-Рэзэкнэ, быў пахаваны ў пасёлку Малінаўка. У 1945 году яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пазней адбылося перапахаванне астанкаў героя ў брацкую магілу ў парку Дубровіна.

У акцыі забору зямлі ўдзельнічалі: консулы Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Яўгенія Барткевіч і Мікалай Раманкевіч; прадстаўнік Латвійскай праваслаўнай царквы іерэй Аляксандр Якімаў; старшыня Праўлення Беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская, член Праўлення “Уздыма” Валерый Амбросаў, член таварыства “Уздым” Марыя Памецька.

Гэтая жменя зямлі з брацкага воінскага захавання ў цэнтры горада – сімвалічная частка ад усіх вядомых і безыменных магіл, у якіх спачываюць астанкі тысяч воінаў і мірных жыхароў, якія загінулі пры абарончых і вызваленчых баях, у турмах і лагерах, гета ў Даўгаўпілсе.

Зямля змешчана ў ільняны мяшочак, пашыты з палатна, вытканага беларускай жанчынай з Гродзенскай вобласці. Акт і мяшочак з зямлёй накіраваны ў Мінск. У ходзе мерапрыемства былі ўскладзеныя кветкі да Вечнага агню, памятнага крыжа, імянным помнікам-стэлам воінам. Акцыя прайшла з захаваннем усіх мер бяспекі ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі ў Латвіі, звязанай з каронавіруснай пандэміяй.

Арганізатары ўдзячныя Даўгаўпілскаму краязнаўчаму і мастацкаму музею за дапамогу з гістарычнай даведкай.

Інфармацыя падрыхтава:

Беларускае таварыства “Уздым”