1 ліпеня 2018 года на рукатворным Кургане Дружбы, размешчаным на стыку межаў Латвіі, Расіі і Беларусі, прайшла 59-я сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху трох суседніх дзяржаў. У мерапрыемстве ў складзе вялікай дэлегацыі з Даўгаўпілса прынялі ўдзел таксама Генеральны консул РБ у Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў і члены беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».

Курган Дружбы быў насыпаны яшчэ ў 1959 годзе ў памяць аб баявым супрацоўніцтве партызан Беларусі, Латвіі і Расіі. Зямля для яго была ўзятая з магіл партызан і воінаў, якія загінулі ў барацьбе з нацызмам. На самай вяршыні Кургана расце дуб – як сімвал непарушнай дружбы, добрасуседскіх адносін трох народаў, а да яго вядуць каменныя прыступкі, якія з'яўляюцца працягам алей: з боку Расіі гэта кляновая алея, з боку Латвіі – ліпавая, а з боку Беларусі – бярозавая. І на трох гранітных плітах Кургана надпісы на трох мовах.    

Па ўжо выпрацаванай традыцыі, праграма ўрачыстых мерапрыемстваў застаецца практычна нязменнай: сустрэча ветэранаў, урачыстае шэсце, памятны мітынг, ускладанне кветак да абеліска себежскай партызанкі Марыі Пынта, да помніка латышскаму партызану Іманту Судмалісу і героям падпольнай маладзёжнай арганізацыі беларускай вёскі Прошкі, святочны канцэрт і партызанскае вогнішча дружбы. У гэтым годзе, падчас 59-й сустрэчы, на тэрыторыі Беларусі аднавілі партызанскі лагер з інтэрактыўнымі пляцоўкамі.          

Сустрэча ветэранаў трох краін на Кургане Дружбы праходзіць кожны год, пачынаючы з 1959 года, у першую нядзелю ліпеня. Да 1991 года свята рыхтавалі па чарзе Расія, Беларусь, Латвія. З 1991 года падрыхтоўкай і правядзеннем свята займаюцца па чарзе ўжо дзве дзяржавы - Расія і Беларусь.

У гэтым годзе ў складзе вялікай і прадстаўнічай Даўгаўпілскай дэлегацыі былі члены беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым»: Валерый Амбросов, Іна Валюшка, Таццяна Дзянісава, Марыя Памецька і Святлана Сталярова. Яны ўсклалі кветкі да помніка камсамольцам-падпольшчыкам, размешчанаму ў вёсцы Прошкі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, удзельнічалі ў памятным мітынгу, пабывалі на святочным канцэрце і падпявалі песні пад гітару ля вогнішча дружбы.

І хоць надвор'е ў гэты дзень было дажджлівым і не вельмі ветлівым, уражанні і ўспаміны ад сустрэчы засталіся самыя цёплыя, душэўныя і аптымістычныя. Бо ў нашых трох суседніх народаў агульнае мінулае – наша гісторыя і вайна. І агульная сучаснасць – мірнае неба над галавой.


Інфармацыя падрыхтавана:
Марыя Памецька, член таварыства «Уздым»
т. 29811969, Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.