Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Кожны з нас чакае ў госці Дзеда Мароза і Снягурку з падарункамі. А дзеці, асабліва, з нецярпеннем і чаканнем цуду. Каб падтрымаць дзіцячую веру ў Дзеда Мароза і пазнаёміць з традыцыямі народнага свята Каляды, для выхаванцаў беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” і іх бацькоў прайшло свята ”Ішла Каляда, калядуючыю...”

Школа працуе пры таварыстве “Уздым” і штогод, напярэдадні старога Новага года пры падтрымцы беларускага таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры праходзіць навагоднее свята.

Рэжысёрам тэатральнай пастаноўкі ў гэтым годзе была настаўніца Алёна Радзівонава. Самай маленькай удзельніцы спектакля, Кацярыне Кузьміч, якая выконвала ролю Козы, 5 гадоў. У ролі гаспадароў, якія прымалі калядоўшчыкаў, выступілі Алёна Радзівонава і Уладзімір Стасевіч. У гульнёвай форме мы знаёміліся з традыцыямі падрыхтоўкі да Калядаў, з варожбамі ў калядную ноч. Госці маглі самі прыняць удзел у варожбах. Разам з бабулямі ўспаміналі, як гэтае свята праходзіла раней.

Вядома, у госці да дзяцей прыйшлі Дзед Мароз (Уладзімір Стасевіч) і Снягурка (Таццяна Блізнакова). Разам з імі дзеці гулялі, вадзілі карагоды, адгадвалі загадкі і атрымалі падарункі, падрыхтаваныя таварыствам “Уздым”.

Ганаровым госцем на свяце быў консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Мікалай Уладзіміравіч Раманкевіч. Ён павіншаваў дзяцей і бацькоў са святам і падараваў выхаванцам падарункі ад консульства.

Кіраўніца ЦБК і старшыня таварыства “Уздым” Жанна Раманоўская падзякавала рабят за выступленне, педагогаў за працу ў школе. Педагогам Людміле Сіняковай, Вольге Паўловіч, Алёне Радзівонавай былі ўручаны падарункі ад консульства і таварыства “Уздым”.

Свята “Ішла Каляда, калядуючы…” - гэта пачатак новага навучальнага сяместра ў беларускай школе. Чакаем новай сустрэчы на занятках.

Куратар школы Людміла Сінякова