Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

24 лістапада 2019 года Латышскае таварыства Даўгаўпілса арганізавала святочную вечарыну ў гонар 101-ай гадавіны незалежнасці Латвіі. Гэты баль у нашых сяброў стаў традыцыйным, і на яго Латышскае таварыства запрашае прадстаўнікоў усіх нацыянальна-культурных таварыстваў і цэнтраў.

Лістапад для Латвіі – знакавы месяц. Наша рэспубліка святкуе ў лістападзе дзве важныя падзеі – Дзень Лачплесіса і гадавіну ўтварэння Латвійскай Рэспублікі.
Латышскае таварыства традыцыйна ў гонар дзяржаўных святаў арганізуе вялікае мерапрыемства ў шматнацыянальным коле сяброў. Такая форма мерапрыемства дазваляе цясней зблізіцца жыхарам горада, пагутарыць з добрымі знаёмымі і набыць новыя сувязі.
Урачысты вечар з віншаваннямі і кароткім гістарычным экскурсам адкрыла старшыня Латышскага таварыства спадарыня Баркоўская. Чырвонай ніткай у яе выступленні была думка аб адзінстве народаў, павазе адзін да аднаго прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Ад кіраўніцтва горада гасцей павіншавала дэпутат Даўгаўпілскай гарадской думы Лівія Янкоўская. Добрымі словамі гаспадароў свята павіншавалі прадстаўнікі рускай, беларускай, польскай і ўкраінскай дыяспар Даўгаўпілса.

Беларускае таварыства “Уздым” і Цэнтр беларускай культуры заўсёды ахвотна адгукаюцца на ветлівыя запрашэнні сп.Баркоўскай і Латышскага таварыства і прымаюць актыўны ўдзел у іх мерапрыемствах. Аб удзячнасці кіраўніцтву Латышскага таварыства ў кансалідацыі грамадскасці Даўгаўпілса казалі ў сваім выступленні старшыня “Уздыма” і кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская і член Праўлення “Уздыма” Валерый Амбросаў, калі ўручалі Г.Баркоўскай кошычак кветак, аформлены ў колерах латвійскага сцяга.
У канцэртнай праграме свята былі занятыя маладзёжныя калектывы Цэнтра латышскай культуры. Моладзь прадэманстравала выдатныя здольнасці і артыстызм, пацверджаннем чаго сталі шчодрыя апладысменты ўдзячных гледачоў. А які ж баль без аркестра? На свяце госці змаглі танцаваць і слухаць папулярныя мелодыі ў выкананні духавога аркестра “Даўгава”.
Прыемны святочны вечар застанецца ў памяці гасцей свята.

Валерый Амброcаў,
член Праўлення беларускага таварыства “Уздым”