Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

23 лістапада 2019 года ў Рызе адбыўся 1-й Конкурс беларускай песні ў Латвіі, арганізаваны Пасольствам Рэспублікі Беларусь у ЛР сярод творчых калектываў беларускіх арганізацый краіны. У лік пераможцаў увайшла дзіцячая студыя «Скарбніца» з Даўгаўпілса, якая атрымала пуцёўку на паездку ў Мінск для ўдзелу ў IV Фестывалі беларусаў свету ў 2020 годзе.

У 1-м Конкурсе беларускай песні ў Латвіі удзельнічала 16 аматарскіх калектываў, з Даўгаўпілса - ансамбль беларускай народнай песні «Купалінка», дзіцячая студыя «Скарбніца», вакальны ансамбль «Пралескі», харавая капэла «Спадчына». Дарэчы, «Спадчына» упершыню выступала ў новых касцюмах, вырабленых у Беларусі і аплачаных Цэнтрам беларускай культуры Даўгаўпілскай гарадской думы.

У прывітальным слове пасол РБ у ЛР Васіль Марковіч адзначыў, што падобныя фестывалі існуюць у Літве, Эстоніі і Польшчы, цяпер спраўдзілася мара і выканаўцаў беларускай песні ў Латвіі, бо «у вашых песнях чуюцца калыханкі матуль і бабуль, паўстаюць народныя героі, бачацца вобразы малой радзімы, нашых вёсак, гаёў і лясоў - гэта ўсё наша Беларусь».

Кожны калектыў на конкурсе выканаў па дзьве песьні на беларускай мове ці аўтараў з Беларусі.

Выступы ансамбляў ацэньвала журы на чале з Ірынай Грамовіч, дэканам факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, кіраўніком ансамбля «Беларуская песня», кандыдатам педагагічных навук. Віншуючы ўдзельнікаў, старшыня журы выказала надзею, што гэты першы фестываль-конкурс, пачаўшы свой шлях, будзе шмат разоў паўтарацца на латвійскай зямлі.

Ансамбль «Вавёрачка» (Рыга) і студыя «Скарбніца» (Даўгаўпілс) сталі пераможцамі як дзіцячыя калектывы, сярод дарослых - ансамбль «Журавінка» з Вентспілса. Узнагарода пераможцам - пуцёўкі на IV Фестываль беларусаў свету, які пройдзе ў верасні 2020 года ў Мінску.

«Для юнага калектыву, а студыя «Скарбніца» створана толькі ў гэтым годзе і яе дэбют адбыўся ў маі на юбілейным канцэрце ЦБК, гэта вялікі поспех, - адзначыла кіраўніца ансамбля Настасся Лукашонак. - Першая паездка, першы конкурс і першая ўзнагарода. Для дзяцей гэта будзе вельмі моцнай матывацыяй хадзіць на рэпетыцыі, развучваць новыя беларускія песні і з гонарам прадставіць беларусаў Даўгаўпілса, Латвіі на міжнародным фестывалі суайчыннікаў замежжа ў Мінску. Гэта прэстыжна.»

Эстафета правядзення Конкурсу беларускай песні ад Рыгі перайшла да Вентспілсу, які будзе прымаць наступны культурны форум.

Цэнтр беларускай культуры і Беларускае культурна-асветнае таварыства «Уздым» выказваюць падзяку Даўгаўпілскай гарадской думе за фінансавую дапамогу ў аплаце аўтобуса для паездкі ансамбляў у Рыгу на 1-ы Конкурс беларускай песні ў Латвіі.

Жанна Раманоўская