Пресс-фото

6 верасня 2019 года ў Даўгаўпілсе адбудзецца I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні, арганізатарам якога з'яўляецца Беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым».

Аўтарская песня, ці бардаўская музыка – песенны жанр, які ўзнік у сярэдзіне XX стагоддзя ў розных дзяржавах і краінах. Аляксандр Галіч, Уладзімір Высоцкі, Булат Акуджава, Юрый Візбар, Юлій Кім, Аляксандр Разэнбаум – іх імёны добра вядомыя прыхільнікам аўтарскай песні. У гэтым шэрагу дастойнае месца займае Арон Круп – паэт, бард, інжынер, альпініст, у лёсе якога аб'яднаны Латвія і Беларусь. Ён нарадзіўся ў Даўгаўпілсе ў 1937 годзе, жыў і працаваў у Мінску, загінуў у гарах Саяны. У Беларусі песні Арыка Крупа ведаюць і спяваюць.

Рух філасофскай аўтарскай песні актыўна развіваецца, і таварыства «Уздым» вырашыла стварыць у Даўгаўпілсе штогадовы песенны форум для аб'яднання бардаў Латвіі і Беларусі, папулярызацыі сучаснай інтэлектуальнай песні.

Беларускае таварыства «Уздым» арганізуе I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні і запрашае бардаў прыняць у ім удзел. Для гэтага трэба падаць заяўку з кароткай творчай біяграфіяй, фота, назвай 3-х песень. Абавязковая ўмова – адна песня павінна быць беларускай. Таксама абвяшчаецца конкурс на назву фестывалю, і яго пераможца будзе адзначаны каштоўным прызам. Заяўкі прымаюцца на э-пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. да 1 верасня.

Бардаўскі фэст адбудзецца ў пятніцу, 6 верасня 2019 года, у 16:00, у канцэртнай зале Арт-цэнтра Марка Роткі. Усе яго ўдзельнікі будуць узнагароджаны дыпломамі і памятнымі сувенірамі.

Праект «I Міжнародны фестываль беларускай аўтарскай песні» рэалізуецца пры суфінансаванні Фонду падтрымкі грамадскіх арганізацый Даўгаўпілскай гарадской думы.

Інфармацыя падрыхтавана:
Беларускае таварыства «Уздым»,
Жанна Раманоўская,
тэл. 20374840