Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

25 мая ў Мінску, у Траецкім прадмесці, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, адбылася прэзентацыя кампакт-дыска песен «Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі» у выкананні саліста Сяргея Шабадалава (Вісагінас).

У кампакт-дыску 16 песен на беларускай мове: на словы члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі – «Ода Беларусі» (музыка Сяргея Ціханава); «Рабiны» (музыка Дзмітрыя Пятровіча); «Ветэраны», «Калыханка для мамы», «Чаромха» (музыка Міколы Яцкова); «Ручнік», «Наш масток», «Касцёр для дваіх» (музыка Альберта Белуся); «Сустракай, Беларусь!», «Позірк Еўфрасінні», «Матулін пірог» (музыка Анатоля Мядзведзева); «Беларускі дом», «Эх, сена духмянае!» (музыка Аляксандра Рудзя) і перакладзеныя С. Валодзькам на беларускую мову з рускай і польскай – «Галіна» (музыка і словы Алены Васілёк); «Без адпачынку» (музыка Севярына Краеўскага, словы Агнешкі Асецкай); «Гасподзь благаславіў» (музыка і словы Анатоля Рубінава).

Дэлегацыю з Літвы і Латвіі ў складзе Сяргея і Вольгі Шабадалавых, Станіслава і Вольгі Валодзькаў гасцінна сустракалі супрацоўнікі музея на чале з дырэктарам Міхаілам Рыбаковым. Гасцей пазнаёмілі з экспазіцыямі музея, а затым Сяргей Шабадалаў выканаў песні з прэзентуемага кампакт-дыска. Калі канцэрт падыходзіў да завяршэння, ён праспяваў песню «Белая Ружа Сусвету» (музыка Алены Пішчыкене, словы Івана Ждановіча). «Гэта песня пакладзе пачатак новага кампакт-дыска песен у маім выкананні» – сказаў спявак. Чакаўся прыход на гэту імпрэзу І. Ждановіча, паэта, рэдактара газеты “Голас Радзімы”, але па аб’ектыўнай прычыне ён не змог сюды з’явіцца.

Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Пявуння” і, перакладзеную на белорускую мову, літоўскую народную песню “Як многа песен…” і падарыў у фонды музея свае кнігі і некалькі нумароў газет “Прамень” і “Уздым”. А ўсе, хто быў у зале, атрымалі ў падарунак кампакт-дыск.

З цёплымі словамі прывітання да прысутных звярнуліся дырэктар музея Міхаіл Рыбакоў, беларускі грамадскі дзеяч Лявон Целеш, паэт і кампазітар Дзмітрый Пятровіч, паэтэса і журналіст Алена Басікірская, а таксама сястра С. Валодзькі Галіна Паўлава і сястра С. Шабадалава Ала Сяліцкая. Святам паэзіі, песні і беларускай мовы назваў гэта мерапрыемства Л. Целеш.

Прэc-рэліз