30 красавіка 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) адбудзецца творчы вечар дуэта Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча з Ліванскага славянскага грамадства “Узоры”, арганізаваны Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам “Уздым”.

У г.Ліваны ўжо шмат гадоў паспяхова дзейнічаюць Славянскае таварыства “Узоры” і аднайменны ансамбль, якія радуюць грамадства добрымі справамі і песнямі на рускай, беларускай, украінскай, латышскай мовах. Нязменна грамадскую арганізацыю ўжо 15 гадоў узначальвае Лідзія Знотыня. Славянскае таварыства «Узоры», як і беларускае таварыства “Уздым”, уваходзіць у склад Саюза беларусаў Латвіі.

Творчыя калектывы Даўгаўпілскага ЦБК і дэлегацыі “Уздыма” неаднаразова прымалі ўдзел у культурных мерапрыемствах у г.Ліваны, у сваю чаргу, ліванскія “Узоры” з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Міжнароднага фестывалю “Беларускі кірмаш у Даўгаўпілсе”. Гэта супрацоўніцтва з гадамі мацнее ў розных сумесных праектах. Яркае таму пацвярджэнне - аўтарскі вечар Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча, ініцыятарам якога стала таварыства “Уздым”.

Творчы дуэт Л.Знотыні і Е.Пашкевіча паўстаў перад шырокай публікай у мінулым годзе, і іх дэбюту ў ліванскім Доме культуры апладзіравалі сябры з “Уздыма”. Цяпер Даўгаўпілс прымае артыстаў з г.Ліваны. На канцэрце прагучаць народныя і аўтарскія песні на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах у выкананні Лідзіі Знотыні і Яўгена Пашкевіча, у тым ліку і пад гітару. Яны таксама раскажуць пра працу Славянскага таварыства “Узоры”.

Сустракаемся ў аўторак, 30 красавіка, у 17.30, у Цэнтры беларускай культуры (г.Даўгаўпілс, вул.Алеяс, 68) на канцэрце сяброў з г.Ліваны!

Інфармацыя падрыхтавана:

Жанна Раманоўская,

старшыня таварыства “Уздым”