Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

Каманда беларускай нядзельнай школы "Вясёлка", якая працуе пры беларускім культурна-асветніцкім таварыстве «Уздым», у шосты раз прыняла ўдзел у спартыўным свяце "Vienoti sportā" у Рызе. Свята арганізуе і праводзіць Латвійская Алімпійская акадэмія.

У гэтым годзе свята было юбілейным. Яно праходзіла ў трыццаты раз. Штогод школьнікі не стамляюцца прапагандаваць здаровы лад жыцця. Спорт не мае межаў. Пад спартыўнымі сцягамі аб'ядналіся дзеці розных нацыянальнасцяў, каб даказаць самім сабе, што яны моцныя, смелыя і ўмелыя.

Удзел у спаборніцтвах дапамагае і нашым дзецям зблізіцца, адчуць сябе адзінай дружнай камандай.

Гонар беларускай школы "Вясёлка" абаранялі: Элеанора Марчанка, Сафія Блізнакова, Ксенія Лявонава, Вераніка Данесевіч, Павел Кузьміч, Арвід Сонтоцкі, Ганна Платкова, Даніэл Мацвееў (самы маленькі ўдзельнік каманды), Караліна Казачонак, Надзея і Марына Чарновы.

Удзельнічаем не першы раз у спаборніцтвах і ўсё адно едзем з азартам і жаданнем перамагчы. Нашы дзеці выступалі ў розных відах спорту і рабілі гэта годна. Выпадковая памылка за некалькі хвілін да фінальнага свістка ў футболе прывяла да штрафнога ўдару. І мы прайгралі 1: 0. А як трымаліся, абаранялі вароты!                  

Выдатна гулялі ў народны мяч, прымусілі панэрвавацца супернікаў. А як перацягвалі канат! Перамога была дзесьці побач. Не хапіла толькі трохі сіл.

Але нам пашанцавала ў эстафеце ў другі раз за час нашага ўдзелу. Адна з груп у складзе: Д.Матвеяў, А.Платкова, П.Кузьміч, К.Лявонава заняла 3-е месца. Малайцы!

Вялікі дзякуй бацькам: Сюзане Матвеявай, Віктару Блізнакову, Таццяне Дзянісавай, якія дапамагалі педагогам - Людміле Сіняковай і Алене Радзівонавай у паездцы. Мы рады, што бацькі прымаюць актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах.

Дзякуем за магчымасць нядзельнай школы “Вясёлка” удзельнічаць у Спартыўным свяце ў Рызе: дэпутатам Даўгаўпілскай гарадской думы, якія падтрымалі заяўку таварыства “Уздыма” на сафінансаванне транспартных паслуг; Праўленню таварыства “Уздым” за арганізацыю паездкі, сузаснавальніку таварыства “Уздым” Іосіфу Антонавічу Рэўту за матэрыяльную дапамогу.

Інфармацыю падрыхтавала:

Людміла Сінякова

Член праўлення таварыства «Уздым»

Куратар школы "Вясёлка"