Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Беларускае
культурна-асветніцкае
таварыства
Slider

10 сакавіка 2019 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) прайшло свята «Лявон і Лявоніха», арганізаванае беларускім культурна-асветніцкім таварыствам «Уздым». Праводзіны зімы і сустрэча вясны разам – даўняя традыцыя вялікага і дружнага калектыву.

Як і ў цэлым, людзі з радасцю сустракаюць надыход сонечных дзён, так і беларусы Даўгаўпілса ахвотна ўдзельнічаюць у святкаванні «Лявона і Лявоніхі».

Мерапрыемства само па сабе не арганізуецца – патрэбна прадуманая падрыхтоўчая праца. У гэты раз, як ужо неаднаразова, сцэнарый святкавання напісала Галіна Францаўна Сантоцкая. Развучванне новых песень, частушак, танцаў і гумарэсак закранула амаль усе творчыя калектывы. Рыхтаваліся самадзейныя артысты нездарма; нумары, сцэнкі і прыпеўкі ўспрымаліся ўдзельнікамі свята з цікаўнасцю і апладысментамі. У гэтым вялікая заслуга кіраўнікоў творчых майстэрняў. Яны раілі і кансультавалі выканаўцаў у частцы падбору матэрыялаў і сюжэтаў сцэнак.

На пачатку свята кіраўніца ЦБК і старшыня таварыства «Уздым» Жанна Раманоўская вітала і павіншавала членаў беларускага таварыства са святамі. Кожны атрымаў у падарунак сувенір ад «Уздыма».

Гаспадары свята –  «Лявон» і «Лявоніха», у выкананні Валерыя Амбросава і Алены Кіча, весялілі гасцей і не давалі ім сумаваць.
Капуснік прайшоў у творчай і сяброўскай атмасферы. А па-іншаму і быць не магло, бо сабраліся людзі, неабыякавыя да беларускай культуры і звычаяў.       Такія мерапрыемствы згуртоўваюць калектыў «Уздыма», а новым членам таварыства даюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца ​​адзін з адным, з традыцыямі арганізацыі.

Член праўлення «Уздыма» Валерый Амбросаў