20 лютага 2019 года ў Цэнтры беларускай культуры прайшоў творчы вечар «Выйду на грэбля ...» сузаснавальніцы і актыўнага члена беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Зінаіды Сіліні, прымеркаваны да яе 70-гадовага юбілею.

Зінаіда Сіліня нарадзілася 14 лютага 1949 г. у д.Вёткава Залескага сельсавета Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1966 годзе з сярэбраным медалём скончыла сярэднюю школу і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, які скончыла ў 1972 годзе.

Працавала ў г.Браславе, актыўна ўдзельнічала ў грамадскай дзейнасці.

З 1978 года жыве ў Латвіі, у Даўгаўпілсе. Працавала ў чыгуначнай бальніцы, сухотным дыспансеры, іншых медустановах і ў цяперашні час працягвае працаваць - урач-радыёлаг-дыягност, загадчыца кабінета ў Цэнтральнай паліклініцы Даўгаўпілскай рэгіянальнай бальніцы. Актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці горада.

Зінаіда Іванаўна стаяла ля вытокаў стварэння Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» і ўвайшла ў лік яго 11-ці заснавальнікаў (на той момант пад прозвішчам Дзегцярэнка). З тых часоў З.Сіліня прымае актыўны ўдзел у дзейнасці «Уздыма», уваходзіла ў склад яго Праўлення.

Нязменна выконвае акапэльна вядомыя беларускія народныя песні на мерапрыемствах «Уздыма» і Цэнтра беларускай культуры. І на сваім творчым вечары яна праспявала любімую «Шумяць вербы каля грэблі», а таксама прымала музычныя віншаванні ад ансамбляў «Купалінка», у якім некалі спявала, «Лянок», «Пралескі» і «Спадчына », верш-прысвячэнне ад паэта Станіслава Валодзькі, падзякі ад «Уздыма» і ЦБК. Консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Яўгенія Барткевіч уручыла юбіляру падзячную грамату ад дыпламатычнага прадстаўніцтва за подпісам Генконсула Уладзіміра Клімава.

Зінаіда Іванаўна Сіліня - сапраўдны патрыёт Беларусі, часта наведвае бацькоўскі дом, размаўляе на беларускай мове, папулярызуе беларускую культуру ў Латвіі.

Цэнтр беларускай культуры і таварыства «Уздым» выказваюць Зінаідзе Сіліне шчырую падзяку за плённае супрацоўніцтва, ад усёй душы віншуюць з 70-годдзем і жадаюць моцнага здароўя, міру, дабрабыту, радасці, душэўнага цяпла, поспехаў у рэалізацыі жыццёвых і творчых планаў!

Жанна Раманоўская