У суботу 18 сакавіка 2018 гада ў нядзельнай школе "Вясёлка" Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» прайшло выдатнае мерапрыемства "Гуканне вясны". Дзякуючы студэнтцы Даўгаўпілскага універсітэта Галіне Кажаронак і яе памочнікам, навучэнцы школы акунуліся ў сапраўдны карагод абрадаў і традыцый вясёлага вясновага свята.

Галіна вельмі цікава распавяла дзецям пра абрад «Гукання вясны», які праводзілі продкі беларусаў у даўнія часы, суправадзіўшы апавяданне электроннай прэзентацыяй. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна заклікалі вясну: завязвалі рознакаляровыя стужкі на галінках дрэва, гулі ў свістулькі і дудачкі (гук сімвалізуе прылёт птушак), а таксама вадзілі разнастайныя карагоды, разгадвалі загадкі і ўдзельнічалі ў вясёлых гульнях.

Самым займальным падчас свята было выпяканне булачак у форме птушак. Галіна загадзя прыгатавала цеста, а дзеці з яго па узору «ляпілі» уручную першых птушак. Вучні цалкам акунуліся ў творчы працэс, іх перапаўняла захапленне. Водар свежай выпечкі напоўніў увесь Беларускі дом. Вучні дэгуставалі смачных «птушачак», дзяліліся ўражаннямі, а таксама частавалі сваіх бацькоў і настаўнікаў. Кожны панёс дадому рэцэпт, якім шчодра падзялілася аўтар праекта Галіна Кажаронак.

Мерапрыемства "Гуканне вясны" прайшло ў Цэнтры беларускай культуры пры яго падтрымцы.

Вялікі дзякуй усім за цудоўнае свята!

Інфармацыя падрыхтавана:

член праўлення Беларускага таварыства «Уздым»,

настаўніца Беларускай нядзельнай школы "Вясёлка"

Алена Радзівонава