12 студзеня 2019 года беларускае таварыства "Прамень" у Рызе і яго ансамбль «Надзея» адзначылі 30-годдзе сваёй дзейнасці. Даўгаўпілскае беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Уздым» адправілася ў сталіцу, каб павіншаваць партнёраў.
У Залатой зале Латышскага таварыства ў Рызе старшыня «Праменя» Алена Лазарава прымала віншаванні ад прадстаўнікоў Пасольства Беларусі ў Латвіі, Латвійскай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства культуры Латвіі, беларускіх таварыстваў з розных гарадоў Латвіі.
Ад Даўгаўпілскага беларускага таварыства «Уздым» гаспадароў свята павіншавалі член праўлення «Уздыма» Валерый Амбросаў і член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька. Словы ўдзячнасці былі адрасаваны і тым, хто ў розны час узначальваў «Прамень» – Алесю Карповічу, Міколу Бураму і Валянціне Піскуновай, якая ўжо шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком Саюза беларусаў Латвіі.
Прысутныя мелі магчымасць паглядзець канцэрт, у якім прымалі ўдзел беларускі ансамбль «Надзея», створаны таварыствам «Прамень», салістка Людміла Сінкевіч, інструментальны дуэт – Дар’я Грышына и Іна Райхманэ. Упрыгожаннем свята стала выступленне фольк-шоу балета «Альянс» з Бабруйска.
У канцэрце прагучала нямала беларускіх народных і аўтарскіх песень, сярод якіх – песня «Ручнік» на словы Станіслава Валодзькі (музыка Альберта Белуся) і перакладзеная ім на беларускую мову папулярная песня «Белая Русь».
Варта адзначыць, што таварыства «Прамень» з’яўляецца першым афіцыйна зарэгістраваным беларускім таварыствам Латвіі (у 1993 годзе). Неўзабаве яго прыкладу паследаваў «Уздым». І з самага пачатку іх дзейнасці гэтыя таварыствы звязвае моцная дружба і плённае супрацоўніцтва.
Станіслаў Валодзька прысвяціў юбілярам верш:
ТАВАРЫСТВУ “ПРАМЕНЬ”
НА 30-ГОДДЗЕ
Як распачаўся новы дзень, –
Успыхнуў сонечны “Прамень”,
І ў суайчыннікаў маіх
Натхнення творчага агмень
Стаў разгарацца,
Й палілісь,
Як у мінуўшчыне калісь,
На роднай мове песні тут,
Ўслаўляючы бацькоўскі кут.
І вам пашчасціла “Надзею”
Стварыць – таленавіты гурт!
Ў пашане сталі тут абрады:
“Дзяды”, “Купалле” і “Каляды”.
І весткі добрыя па свеце
Разнесліся ў “Прамень-газеце”...
Вось так і ў будучынь ляці,
“Прамень”, і ярка так свяці
Нашчадкам нашым, каб яны
Свае вытокі й карані
Маглі таксама шанаваць, –
Любоўю сэрцы саграваць…
Станіслаў Валодзька
Аўтар: «Уздым»
Фота: прэс-фота