Дзеці і дарослыя заўжды чакаюць у госці Дзеда Мароза – і абавязкова з падарункамі.
Завітаў Дзед Мароз са Снягуркай на свята Каляды і Новы год, якое ладзілі настаўнікі разам з выхаванцамі нядзельнай беларускай школы “Вясёлка”, што працуе пры таварыстве “Уздым”.
Свята праходзіла ў памяшканні Цэнтра беларускай культуры (ЦБК). Вядучая свята – настаўніца Людміла Сінякова, запрасіла ўсіх на навагодні шляхецкі баль.
Падчас свята дзеці пазнаёміліся з традыцыямі баляў: як упрыгожвалі залу, як гаспадар сустракаў гасцей і знаёміў з ганаровымі гасцямі, гулялі ў гульні таго часу.
А потым была сустрэча з Дзедам Марозам (Уладзімір Стасевіч, член маладзёжнай групы таварыства “Уздым”) і Снягуркай (Алена Радзівонава, настаўніца беларускай школы “Вясёлка”). Дзеці падрыхтавалі да свята касцюмы, вывучылі вершы і песні.
Віншавалі дзяцей і бацькоў кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Раманкевіч Мікалай Уладзіміравіч.
І абавязкова былі падарункі. Ад консульства сумкі з надпісам “Беларусь. “Вясёлка”, ад ЦБК і таварыства “Уздым” – салодкія прысмакі.
Падчас свята Эля Марчанка, Лайма і Лаліта Казлоўскія атрымалі падзякі і сувеніры за ўдзел у міжнародным конкурсе малюнкаў, прысвечаным творчасці Паўла Пранузы, які праходзіў восенню ў Таліне.
У снежні 2018 года наша дзіцячая дэлегацыя ў колькасці чатырох чалавек прысутнічала ў Мінску на галоўнай ёлцы. Аб гэтым яны расказалі на нашым свяце.
Выказваем словы падзякі за падарункі і магчымасць дзецям разам з бацькамі
ўдзельнічаць у свяце ў Мінску Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе і кіраўніцтву таварыства “Уздым”.
Скончыліся святы і пачынаюцца заняткі…
Людміла Сінякова,
куратар беларускай школы,
член праўлення таварыства “Уздым”