8 студзеня 2019 года свой 70-гадовы юбілей адзначыла Тэрэса Паўлава – удзельніца ансамбля беларускай народнай песні «Купалінка», актыўны і даўні сябра беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».

Тэрэса Паўлава нарадзілася на хутары Біслы Браслаўскага раёна (Беларусь). Яна з вялікай цеплынёй і настальгіяй успамінае дыхтоўны вялікі дзедаўскі дом, у якім нарадзілася і расла ў дружнай шматдзетнай сям'і. Побач з домам было бязмежнае прыгожае поле, на якім перад адлётам у вырай збіраліся тысячы буслоў. Можа, таму хутар атрымаў такую сугучную назву – Біслы (буслы). Але ў выніку мэтанакіраванага перасялення сям'я пераехала ў пасёлак Опса. Тут Тэрэса і скончыла сярэднюю школу. Класным кіраўніком у старэйшых класах быў знакаміты беларускі паэт-песеннік Уладзімір Іванавіч Карызна. З яго лёгкай рукі Тэрэса далучылася да паэзіі, песеннай творчасці, прымала актыўны ўдзел у літаратурным гуртку і грамадскім жыцці.

Пасля заканчэння школы паступіла ў Даўгаўпілскі педінстытут на гісторыка-філалагічны факультэт. З таго часу Даўгаўпілс стаў для яе родным горадам, які падарыў моцную сям'ю, дзяцей, сяброў, любімую працу і, вядома ж, Цэнтр беларускай культуры, які стаў для яе другім родным домам. Т.Паўлава прымае самы актыўны ўдзел практычна ва ўсіх творчых мерапрыемствах, вечарынах, праектах, конкурсах, паездках, спявае ў сваёй любімай «Купалінцы», выдатна валодае беларускай мовай і паэтычным словам. Сістэматызавала народную бібліятэку «Уздыма». За ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускай культуры неаднаразова заахвочвалася дыпломамі, граматамі, падзякамі.

Тэрэса – сапраўдная беларуска, чалавек з адкрытай душой, вельмі шчырая, добразычлівая, гасцінная і таленавітая, таму карыстаецца заслужанай любоўю і павагай усіх членаў «Уздыма» і «Купалінкі».

Тэрэса Паўлава – член беларускага таварыства «Уздым» з 2006 года. Бусел з дзяцінства працягвае кружыць над яе жыццём, толькі цяпер у выглядзе сімвала «Уздыма».

Калектыў Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры і Праўленне «Уздыма» выказваюць Тарэсе Паўлавай шчырую падзяку за плённае супрацоўніцтва, ад усёй душы віншуюць з 70-годдзем і жадаюць моцнага здароўя, міру, дабрабыту, радасці, душэўнага цяпла, поспехаў у рэалізацыі жыццёвых і творчых планаў!

Інфармацыя падрыхтавана:
член «Уздыма» Марыя Іванцэвіч