Напярэдадні светлага свята Каляд, 24 снежня 2018 года, моладзь Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» адправілася ў госці да выхаванцаў дзіцячага дома-прытулку «Прыедытэ» - з падарункамі і канцэртам. Арганізацыя паслядоўна рэалізуе праграму дабрачынных акцый.

Маладзёжная група беларускага таварыства «Уздым» выступіла з ініцыятывай падарыць свята тым, хто сустракае яго не дома з бацькамі, а ў дзіцячым прытулку. Сябры арганізацыі сабралі «скрынку радасці» – кнігі, размалёўкі, гульні, канцтавары, прысмакі. Марознай раніцай дэлегацыя адправілася ў Стропы, дзе ў сасновым лесе, побач з возерам, знаходзіцца дзіцячы дом. Юныя гледачы ўжо чакалі артыстаў. Яны з цікавасцю сустрэлі вядучую і фей, уважліва слухалі выступленне паэта Станіслава Валодзькі і песні пад гітару, актыўна ўдзельнічалі ў гульнях, чыталі вершы Дзеда Мароза і Снягуркі, радаваліся падарункам.

«Наша ўвага – самы вялікі падарунак, які мы змаглі зрабіць дзецям у прытулку. Мы спадзяемся, што дзякуючы такім добрым прыкладам яны будуць верыць у дабро», – адзначыла член праўлення беларускага таварыства «Уздым» Марыта Кавалеўская.

Праўленне «Уздыма» выказвае сардэчную падзяку ўсім членам беларускага таварыства, якія прынялі актыўны ўдзел у каляднай дабрачыннай акцыі для дзіцячага дома «Прыедытэ».


Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская,
старшыня таварыства «Уздым»,
т. 20374840