27 снежня 2018 года ў Мінску адбылося навагоднее свята для дзяцей у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» з удзелам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. На галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі пабывалі і выхаванцы беларускай нядзельнай школы «Вясёлка» Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».


Вядомыя радкі дзіцячага верша: «Кажуць, пад Новы год, што ні пажадаецца – усё заўсёды адбудзецца, усё заўсёды збываецца» дзіўным чынам матэрыялізаваліся для чатырох выхаванак беларускай нядзельнай школы «Вясёлка» і іх бацькоў. Як суайчыннікі замежжа, яны на два дні адправіліся ў паездку ў Беларусь, у Мінск, на галоўную ёлку краіны. Гэта стала магчымым дзякуючы Амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы.         

Школьніцы і іх бацькі ўбачылі, як запальваюцца агні на галоўнай ёлцы Беларусі, прагуляліся па беларускай сталіцы, якая зіхацела у навагодняй ілюмінацыі. Але асноўная падзея захапляючай паездкі адбылася раніцай, 27 снежня, у Палацы Рэспублікі – навагодняе свята з удзелам прэзідэнта А.Лукашэнкі ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», на якое запрасілі больш за 2300 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі: дзяцей-сірот, дзяцей з сем'яў бежанцаў, выхаванцаў кадэцкіх вучылішчаў; пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, юных грамадскіх актывістаў.

Для іх у Палацы Рэспублікі падрыхтавалі насычаную культурную праграму. Спачатку дзеці гулялі і весяліліся ля ёлкі разам з сучаснымі мульцяшнымі героямі, якія затым забаўлялі дзятву і ў канцэртнай зале перад пачаткам мерапрыемства. Пад апладысменты на сцэну выйшаў прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. «Дарагія сябры, вы - галоўны набытак нашай Беларусі. Гэта не проста прыгожыя словы, за гэтымі словамі – шчырая любоў, жаданне клапаціцца і абараняць», – падкрэсліў у сваёй прамове кіраўнік дзяржавы.

А.Лукашэнка разам з дзецьмі паглядзеў маляўнічае музычна-сцэнічнае шоу ў выкананні лепшых творчых калектываў Беларусі. Юныя гледачы, затаіўшы дыханне, суперажывалі дзяўчынцы і яе хворай маме, ганарыліся іх неабыякавымі сябрамі, назіралі за барацьбой са злом і вывелі формулу дабра. Казачны мюзікл суправаджаўся эфектнымі сюррэалістычнымі кадрамі на трох вялікіх экранах. У фінале Дзед Мароз і Снягурка павіншавалі дзяцей з Новым годам.

Пакідаючы Палац Рэспублікі, удзельнікі акцыі павезлі з сабой незабыўныя ўражанні і падарункі ад імя прэзідэнта Беларусі. У навагодні падарункавы камплект, прысвечаны Году малой радзімы, уваходзілі паштоўка-віншаванне з календаром, вялікая каробка беларускіх цукерак, штодзённік школьніка і заплечнік з лісянём Лёсікам – талісманам II Еўрапейскіх гульняў, якія ўлетку будзе прымаць Беларусь.

Усю дарогу дадому юныя даўгаўпілчане – Лайма Казлоўская, Лаліта Казлоўская, Элеанора Марчанка і Сафія Блізнакова, расказвалі пра самыя яркія моманты, якія іх уразілі і запомніліся. «Гэта навагодні цуд, неверагодны падарунак, яго нашы дзеці запомняць на ўсё жыццё!» – не ўтойвалі эмоцый бацькі выхаванак беларускай нядзельнай школы «Вясёлка».

Удзельнікі дэлегацыі выказваюць словы шчырай падзякі за дадзеную магчымасць наведаць Мінск і галоўную ёлку Беларусі – Амбасадзе РБ у ЛР, за візавую падтрымку – Генеральнаму консульству РБ у Даўгаўпілсе, за высокі ўзровень прыёму – Кастрычніцкаму раёну Мінскага гарвыканкама, за арганізацыю паездкі – праўленню таварыства «Уздыма» .

Інфармацыя падрыхтавана:
Жанна Раманоўская, старшыня таварыства «Уздым»,
т. 20374840