17 лістапада 2018 года ў сталіцы Эстоніі - г. Таліне, прайшоў музычна-паэтычны вечар, прысвечаны стагоддзю беларускага паэта Паўла Пранузы «Куточак родны любай Беларусi...».

Цэнтр нацыянальных меншасцяў «Радзiма» (Талін) пад кіраўніцтвам старшыні праўлення Кэтлін Пукк і члена праўлення Ніны Пээрна кожны год арганізоўвае вечар, прысвечаны асобнаму беларускаму паэту або пісьменніку з мэтай азнаёміць гледачоў з беларускай літаратурай і культурай у цэлым. Таксама ў рамках гэтага мерапрыемства праходзіць міжнародны конкурс дзіцячых малюнкаў. У гэтым годзе мерапрыемства было прысвечана жыццю і творчасці беларускага паэта XX стагоддзя, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Паўла Пранузы. У яго 20-ці паэтычных зборніках сабраны вершы на тэму радзімы, кахання, вайны; большую частку яго творчасці займае дзіцячая паэзія.

На мерапрыемстве прагучалі вершы паэта з вуснаў дзяцей Беларускай нядзельнай школы «Буслiкi» (Талін), гасцей з Мінска. У іх выкананні прагучалі вершы паэта: «Мамiны рукi», «Я вясну малюю», «Родная мова» і многія іншыя. Таксама мерапрыемства ўпрыгожыла выступленне ансамбля Цэнтра беларускай културы «Пралескі» з горада Даўгаўпілса.

Напрыканцы творчага вечара прайшло ўзнагароджванне канкурсантаў міжнароднага конкурсу малюнкаў «Куточак родны любай Беларусi...». Выстава конкурсных дзіцячых малюнкаў па матывам вершаў П.Пранузы паказала талент, багатае ўяўленне дзяцей і тое, якія блізкія і зразумелыя ім цудоўныя вершы беларускага паэта. За паспяховы ўдзел у міжнародным конкурсе былі ўручаны падзякі дзецям нядзельнай школы "Вясёлка" беларускага таварыства «Уздым»: Казлоўскай Лаліце, Казлоўскай Лайме, Блізнаковай Сафіі, Раманоўскай Ілоне. Таксама былі ўручаны падзякі Раманоўскай Жане і Радзівонавай Алене за паспяховае кіраўніцтва і ўдзел вучняў «Вясёлкі» у конкурсе. Ад імя амбасады Беларусі ў Эстоніі ўручаны падзякі са шчырай удзячнасцю педагагічнаму калектыву і навучэнцам школы.

Беларускае таварыства “Уздым” выказвае надзею на працяг супрацоўніцтва і новыя сумесныя праекты ў 2019 годзе з суайчыннікамі Эстоніі.

Тэкст падрыхтавалі:
Радзівонава Алена, Анастасія Лукашонак