3 ліпеня 2018 года, у Дзень незалежнасці Беларусі, сябры і члены беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” сабраліся ў Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) на вечарыну, прысвечаную малой радзіме. Гэта тэма чырвонай ніткай праходзіць праз многія мерапрыемствы беларускай суполкі, таму што 2018 год аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы.

Многія паэты, пісьменнікі, мастакі ўслаўлялі свой родны куток у сваіх творах. І сапраўды, няма ў чалавека нічога лепшага, прыгажэйшага і даражэйшага сэрцу, чым той родны куточак зямлі, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, дзе прайшло наша дзяцінства, юнацтва, адкуль мы выляцелі ў вялікі свет.

Вечарыну адкрыла кіраўніца ЦБК і старшыня “Уздыма” Жанна Раманоўская. Яна павіншавала ўсіх са святам Дня незалежнасці Беларусі, напомніла, што гэты год у Беларусі аб’яўлены годам малой радзімы і прапанавала прысутнічаючым

успомніць і расказаць пра свой родны куточак, пра падзеі і ўспаміны, звязаныя з ім. А каб лепш і цікавей было арыентавацца, была падрыхтавана дошка з картай Беларусі, дзе кожны выступаючы знаходзіў сваё родныя мясціны і адзначаў яго рознакаляровым сцяжком. Як потым аказалася, больш за ўсё кропак было адзначана на тэрыторыі Віцебскай і Гродзенскай вобласці. І гэта зразумела, таму што менавіта гэтыя мясціны бліжэй за ўсё знаходзяцца ад Даўгаўпілса.

Пачала вечар успамінаў Алёна Радзівонава – супрацоўніца Генеральнага консульства РБ у Даугаўпілсе, член рады таварыства “Уздым”,  якая расказала гісторыю ўзнікнення свята незалежнасці Беларусі. Успомніла яна таксама і пра сваё дзяцінства, якое прайшло на Шаркаўшчыне, пра пераезд у Латвію. На карце Віцебскай вобласці былі таксама адзначаны Браслаў, Опса, Казяны, Васіліны, Ветрына і Боркавічы. Пра гэта расказалі Алена Боўт, Іна Валюшка, Рэгіна Родзікава, Жанна Раманоўская, Таццяна Дзянісава, Лілія Воранава (якая ў дадатак прачытала свой верш пра дзяцінства).

Гродненскую вобласць прадставілі член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Станіслаў Валодзька, Галіна Сантоцкая і Марыя Памецька. Пра знакамітую вёску Міхалішкі і раку Вілію расказала Галіна Сантоцкая. Пра вёску Сароча і крынічную раку дзяцінства Сарачанку расказала Марыя Памецька, дапаўняючы расказ цудоўнымі фотаздымкамі. Пра вёску Падольцы прачытаў свой верш Станіслаў Валодзька і падзяліўся ўпамінам пра сваё першае каханне. А паколькі ўсе яны землякі, родам з Астравецкага раёна і жылі недалёка адзін ад аднаго, то ўсе разам праспявалі песню на словы С.Валодзькі “Астраветчына”.

Найбольш кранальныя расказы атрымаліся ў старэўшых членаў “Уздыма”, так званых “дзяцей вайны”. Віктар Грыбаў успомніў не толькі пра родны Віцебск і Глыботчыну, але і пра сваё цяжкое дзяцінства, якое прыйшлося на вайну. Пра Магілёўшчыну ўспаміналі Валянціна Абушкевіч, Соф’я Кавалёва- Крываносава, Людміла Вілюма (якая яшчэ й прачытала свой верш пра родную вёску і праспявала песню). Пра родныя мясціны Гомельшчыны распавяла Святлана Сталярова; а таксама прапанавала запісваць свае ўспаміны, успаміны бацькоў і дзядоў, каб пакінуць пасля сябе памяць сваім нашчадкам.

А госця з Беларусі, мінчанка Святлана Бергер правяла паралелі паміж Беларуссю і Латвіяй, акапэльна праспявала песню свайго сябра і барда Арыка Крупа “Беларусь”.

Музычныя краскі ў вечарыну дабавілі таксама харавая капэла “Спадчына”, у выкананні якой прагучалі песні І.Лучанка і У.Карызны: “Бераг маёй вясны”, “Бацькоўскі дом”, “Бераг белых буслоў”.

Падводзячы вынікі вечарыны, Ж.Раманоўская прапанавала ў сувязі са 100-годдзем Латвіі і 25-годдзем “Уздыма”напісаць кожнаму свой успамін пра малую радзіму, каб у далейшым надрукаваць кнігу “100 + 25 успамінаў пра малую радзіму”. І працытавала на заканчэнне класіка беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна:

“Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці…”

Інфармацыя падрыхтаваная:

члены таварыства “Уздым” Марыя Памецька і Галіна Сантоцкая