1 чэрвеня - Міжнародны дзень аховы дзяцей. Па традыцыі, у Даўгаўпілсе гэты дзень святкавалі ўсім горадам. Удзел у свяце прыняло беларускае таварыства «Уздым» і нядзельная школа "Вясёлка".

«У каго дзеці – у таго шчасце», - кажа беларускі прыказка. Шчасця – шмат: маленькага і вялікага, вясёлага і шумнага, было 1-га чэрвеня ў Цэнтральным парку Даўгаўпілса, які ператварыўся ў зону дзіцячага адпачынку і забавы.

На галоўнай алеі, недалёка ад вялікай сцэны, размясціўся стол з майстэрнямі Беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым». На свяце дзецям прапаноўвалі зрабіць паштоўку з выцінанкай (аплікацыя), размаляваць малюнкі «Слуцкі пояс» і «Народны беларускі строй», выразаць і зрабіць «Жураўліка». Жадаючых было вельмі шмат! І кожны знаходзіў сабе занятак па сваім жаданні. А дарослыя маглі даведацца шмат цікавага пра Беларусь і ўзяць з сабой газеты і буклеты. Дзіцячая праца кіпела ля сталоў «Уздыма» да самага закрыцця свята!

У сваю чаргу, бацькоў інфармавалі аб рабоце Беларускай нядзельнай школы "Вясёлка". Гэты год школа працавала па ліцэнзаванай праграме. Выхаванцы «Вясёлкі» па нядзелях у Цэнтры беларускай культуры вывучаюць культуру і традыцыі Беларусі, знаёмяцца з народнымі святамі. Кожны год каманда «Вясёлкі» прымае ўдзел у Спартакіядзе нацыянальных меншасцяў у Рызе, святкуе «Каляды», «Гуканне вясны», «Першы званок», «Апошні званок», ладзіць цікавыя мерапрыемствы.

Інфармацыя аб школе "Вясёлка" была размешчана на візітных картках, якія ўсе хутка разабралі. Педагогі разлічваюць, што дзякуючы святу дзяцінства рады выхаванцаў беларускай нядзельнай школы "Вясёлка" папоўняцца новымі вучнямі.

Сардэчна запрашаем!

Інфармацыя падрыхтавана:
Галіна Сантоцкая,
педагог школы "Вясёлка"